беларуская

Палац Рэчы Паспалітай адчыняе свае нядаўна рэканструяваныя інтэр’еры, каб прадставіць у сталай экспазіцыі каля 200 найкаштоўнейшых унікальных прадметаў са скарбніцы Нацыянальнай бібліятэкі. Гэта помнікі польскай і сусветнай літаратуры ад VIII стагоддзя да сучаснасці, некаторыя з іх унесены ў спіс ЮНЕСКА «Памяць свету».

Экспазіцыя прадстаўленая ў храналагічным парадку. Адчыняе яе найстаражытнейшы помнік польскай гістарыяграфіі — Святакрыскі летапіс, у якім зафіксаваны сказ: «Dubrovka venit ad Miskonem» (Дубраўка прыбыла да Мешка), — а завяршае Пасланне Пана Когіта Збігнева Герберта з вымоўнай фразай «Будзь верны. Ідзі».

На выставе прадстаўленыя каштоўныя памятныя рэчы польскіх лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі: аўтографы Quo Vadis і Крыжакоў Генрыка Сянкевіча, ліст Марыі Складоўскай-Кюры, нататнікі Чэслава Мілаша і нават яго Нобелеўскі медаль. Таксама сярод прадстаўленых аб’ектаў можна адшукаць рукапісы і першыя выданні твораў, вядомыя палякам са школьных падручнікаў польскай мовы і літаратуры, у тым ліку: Яна Каханоўскага, Мікалая Рэя, Яна Хрызастома Пасака, Яна Патоцкага, Адама Міцкевіча, Юльюша Славацкага, Цыпрыяна Каміля Норвіда, Юзэфа Ігнацыя Крашэўскага, Элізы Ажэшкі, Баляслава Пруса, Стэфана Жэромскага, Марыі Канапніцкай, Кшыштафа Каміля Бачыньскага, Зоф’і Налкоўскай, Бруна Шульца, Казіміра Мачарскага і Вітальда Гамбровіча.

Асобная частка экспазіцыі прысвечаная спадчыне Фрыдэрыка Шапэна, дзе важнае месца займае партытура яго Канцэрта фа-мінор. На выставе ў Палацы Рэчы Паспалітай прадстаўленыя нотныя выданні з калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі: Рота Фелікса Нававейскага, Сімфонія сумных песень Генрыка Мікалая Гурэцкага, Муры Яцэка Качмарскага, Малгоська Агнешкі Асецкай, Гадзіннікавы майстар святла Тадэвуша Вазняка, а таксама накіды твора Кшыштафа Камэды да фільма Рамана Паланскага Дзіця Размары.

Выстава не абышлася б без кнігі, якая змяніла свет – эпахальнага твора Мікалая Каперніка Пра кручэнне нябесных сфер, — і найкаштоўнейшага з чатырох раскошных асобнікаў Сфарцыяды, адной з самых папулярных кніг Італіі эпохі Адраджэння.

У Палацы Рэчы Паспалітай прадстаўленыя таксама найстаражытнейшыя польскамоўныя помнікі, у тым ліку Свентакшыскія пропаведзі і Фларыянскі псалтыр. Апроч згаданага вышэй Святакрыскага летапісу, ёсць даўнія помнікі польскай гістарыяграфіі —хронікі Гала Ананіма, Вінцэнта Кадлубэка і Яна Длугаша. У вітрынах змешчаныя і заканадаўчыя кодэксы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, напрыклад: Статуты Казіміра Вялікага, Статут Ласкага, першыя Статуты Вялікага Княства Літоўскага і адбіткі найважнейшых прававых актаў — Канстытуцыі 3 мая і Канстытуцыі для Еўропы Войцеха Ястшэмбоўскага. Сярод экспанатаў прадстаўлены таксама адзіны захаваны экзэмпляр брашуры Ці могуць палякі дамагчыся незалежнасці? Юзафа Паўлікоўскага. Свет польскай навукі, апроч Каперніка і Складоўскай-Кюры, прадстаўляюць Вацлаў Севярын Жэвускі (усходазнавец і піянер этнаграфіі, аўтар манументальнай працы па культуры народаў Блізкага Усходу Аб усходніх конях і конях, выведзеных з арыентальных парод), Ян Ёнсан (аўтар першага польскага падручніка па заалогіі з сярэдзіны XVII стагоддзя) і Міхал Бойм (стваральнік аднаго з першых еўрапейскіх альбомаў, прысвечанага прыродзе Усходняй Азіі).

На выставе таксама ёсць — пісаныя золатам і срэбрам на пурпуры, багата аздобленыя і прыгожа ілюстраваныя — рукапісныя кодэксы, сярэбраныя пераплёты, вялізныя сярэднявечныя літургічныя кнігі, мініяцюрныя малітоўнікі, помнікі стараславянскай пісьменнасці і армянскай культуры, найстаражытнейшыя кірылічныя і яўрэйскія старадрукі, кнігі з Бібліятэкі Жыгімонта Аўгуста, арыентальныя рукапісы, скарбы даўняй картаграфіі, у тым ліку раскошны рукапіс эпохі Адраджэння Геаграфія Пталамея і партуланы Анджэла Фрэдучы і Антоніа Міля. Паказаны нават любоўны ліст 1444 года.

Індывідуальнае наведванне выставы магчымае шэсць дзён на тыдзень (акрамя аўторка) з 11.00 да 19.00.

Наведвальнікі могуць карыстацца аўдыягідамі на польскай і англійскай мовах.

Наведаць выставу можна у суправаджэнні беларускамоўнага экскурсавода. Для ўзгаднення дэталяў, калі ласка, звяжыцеся з намі па электроннай пошце: m.anufryieva@bn.org.pl 

УВАГА: Кожную сераду з 17:30 у палацы дзейнічаюць гадзіны цішыні. У гэты час на выставе адключаюцца маніторы і іншыя гукавыя прыборы. Выставу можна наведаць толькі індывідуальна. Калі ласка, размаўляйце ціха і адключыце гук мабільных тэлефонаў і іншых прылад.

X